ГАРЛІ́ЦКІ ПРАРЫ́Ў 1915,
стратэгічная аперацыя германа-аўстр. войск 2—5 мая супраць рускага Паўд.-Зах. фронту ў 1-ю сусв. вайну 1914—18. Каб вывесці Расію з вайны герм. камандаванне вырашыла нанесці ёй знішчальны ўдар, пачаткам якога і быў Гарліцкі прарыў. Ажыццяўлялася ў Паўд. Польшчы ў раёне г. Гарліцы сіламі 11-й герм. арміі (ген. А.Макензен) і 4-й аўстра-венг. арміі (эрцгерцаг Іосіф Фердынанд). У рус. 3-я армія (ген. Д.Р.Радка-Дзмітрыеў), на якую быў скіраваны асн. ўдар, мела вял. некамплект у людзях, ёй не хапала снарадаў. Рус. абарона была прарвана, і да 8 мая герм.-аўстр. войскі прасунуліся на 40 км. Рус. Стаўка і камандаванне Паўд.-Зах. фронту (ген. М.І.Іваноў) не здолелі арганізаваць контрудар. 3.6.1915 герм.-аўстр. войскі занялі Перамышль, 22 чэрв. — Львоў. Рус. войскі, страціўшы 500 тыс. палонных і 344 гарматы, пакінулі Галіцыю.
т. 5, с. 62
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)